ІНСТЫТУ́Т РАДЫЕЭКАЛАГІ́ЧНЫХ ПРАБЛЕ́М Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1991 у Мінску на базе Ін-та ядзернай энергетыкі АН Беларусі (існаваў з 1965). У ін-це (1998): 10 лабараторый, 2 аддзелы, аспірантура.

Асн. кірункі навук. даследаванняў: радыяцыйныя праблемы навакольнага асяроддзя; стварэнне метадаў, абсталявання і прылад для вырашэння задач па зніжэнні ў рэспубліцы наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (ЧАЭС). Распрацаваны метады аналізу аварыйных працэсаў на ядзерна- і радыяцыйнабяспечных аб’ектах; рэкамендацыі па стварэнні бяспекі тэр. Беларусі пры аварыях на аб’екце «Укрыццё» разбуранага энергаблока ЧАЭС; камплект нарматыўна-метадычнай дакументацыі для дзярж. спецыялізаваных прадпрыемстваў па абследаванні і дэзактывацыі аб’ектаў, забруджаных у выніку катастрофы на ЧАЭС. Створана сістэма нагляду за міграцыяй радыенуклідаў з пунктаў пахавання на тэр. Беларусі адходаў дэзактывацыі і вызначаны іх уплыў на радыеэкалагічнае становішча; методыка комплекснай ацэнкі радыяцыйна-хім. ўздзеяння прыродных і антрапагенных забруджвальнікаў на навакольнае асяроддзе.

М.​Л.​Жамжураў.

т. 7, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)